Больш 300 дваровых ініцыятыў атрымалі кансультацыі і адукацыйную падтрымку ад экспертаў ініцыятывы «КОТэГС» Каардынацыйнай рады. Дзелімся гісторыяй поспеху, якую даслалі актывісты вёскі Ўзгорка Дзяржынскага р-на.

Пасля некалькіх няўдалых спроб жыхарам вёскі Ўзгорка атрымалася зарэгістраваць «свайго» старасту.

Пры апошняй падачы дакументаў нам у адкрытую сказалі, што нашага новага старасту не прызнаюць, але мы настаялі на прыняцці дакументаў, – расказвае адна з актывістак. – Былі ўпэўненыя, што яны знойдуць нейкую зачэпку нам адмовіць. Да ўсеагульнай радасці, нас атрымалася памяняць старасту, якой ніхто не ведаў і ніхто не абіраў, на чалавека, які гатоў займацца пытаннямі вёскі.

Гэта перамога актывістаў аб’яднала тых, хто займаўся гэтым пытаннем, і тых, хто «сумняваецца». Лідараў мясцовай супольнасці падтрымалі, у тым ліку жыхары, якія лічылі, што змены немагчымыя.

–  У нас у вёсцы шмат міліцыі і прадстаўнікоў дзяржструктур, два старшыні ўчастковых выбарчых камісій – людзі вельмі розныя. Яны ўбачылі, што нас прызналі і мы можам уплываць на справы мястэчка, – дзеліцца ўражаннямі актывістка.

Цяпер стараста вёскі праводзіць апытанне, каб высветліць патрэбы, захапленні і магчымасці жыхароў Узгорка. Актывісты падзялілі заданні па інтарэсах: нехта займаецца праблемамі асвятлення, нехта пытаннямі кіравання, нехта піша скаргі на парушэнні, звязаныя з бяспекай дзяцей – школьны аўтобус высаджвае школьнікаў проста на праезнай частцы.

Апроч афіцыйна абранага старасты ў вёсцы ёсць «Рада вёскі». Гэта неафіцыйная ініцыятыва, але між сабой жыхары дамовіліся, што яны будуць прымаць развязанні дэмакратычным шляхам, а не аўтарытарным.

Сачыце за навінамі мясцовых супольнасцяў і натхняйцеся перамогамі ў розных гарадах і вёсках Беларусі ў Тэлеграм-канале «КОТэГС: мясцовае самакіраванне».

Пакінуць заяву на атрыманне дапамогі ў стварэнні Калегіяльнага органа тэрытарыяльнага кіравання можна ў любы час на сайце.

Яшчэ навіны

Падзяліцца