ЗАЯВА КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ “АБ ВЫЗВАЛЕННІ ПАЛІТЗНЯВОЛЕНЫХ”

Каардынацыйная рада Беларусі выказвае глыбокую падзяку Злучаным Штатам Амерыкі за стварэнне магчымасці вызвалення Сяргея Ціханоўскага і яшчэ трынаццаці палітвязняў, дзякуючы вырашальнай ролі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Асаблівую падзяку выказваем спецыяльнаму прадстаўніку, генералу Кіту Кэлагу, а таксама адміністрацыі Белага дома, у прыватнасці Крыстаферу Сміту, за іх унёсак у вяртанне нашых суайчыннікаў да вольнага жыцця.

Гэта значнае дасягненне надае надзею і пацвярджае патэнцыял дыпламатыі. Аднак яно не павінна ўспрымацца як заканчэнне барацьбы. Каардынацыйная рада падкрэслівае: нашыя мэты — спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў, якіх застаецца больш за 1200. Толькі паслядоўныя і рашучыя дзеянні здольныя вярнуць палітзняволеных да іхніх сем’яў і аднавіць справядлівасць.

Мы заклікаем аб’яднаць намаганні — дзяржаў Еўрапейскага Саюза, ЗША, Вялікабрытаніі, Канады і іншых партнёраў. Толькі скаардынаваныя дзеянні могуць стаць залогам устойлівасці, справядлівасці і свабоды для ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама ўмацаваць міжнародную супольнасць у адстойванні правоў чалавека.

Вызваленне Сяргея Ціханоўскага, Наталлі Дулінай, Ігара Карнея, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду і яшчэ 10 палітвязняў, у тым ліку грамадзян іншых краін — гэта важны крок. Каардынацыйная рада заклікае міжнародных партнёраў да далейшага мэтавага ўзаемадзеяння, пачатага ЗША, максімальнай празрыстасці і прынцыповых перамоў з дзяржаўнымі структурамі Беларусі. Толькі цвёрдая палітычная воля, міжнародны ціск у спалучэнні са скаардынаванай дыпламатыяй здольныя вярнуць свабоду тым, хто ўсё яшчэ незаконна ўтрымліваецца за кратамі, спыніць рэпрэсіі і даслаць свету ясны сігнал: міжнароднае адзінства можа і павінна абараняць чалавечую годнасць і вяршэнства закона.

Сяргей Ціханоўскі з’яўляецца адным з лідараў і натхняльнікам пратэстнага руху ў 2020 годзе, чалавек, які за свае погляды пацярпеў ад рэжыму, і мы спадзяемся, што яго энергія і аўтарытэт будуць спрыяць барацьбе за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Наталля Дуліна з’яўляецца сяброўкай Каардынацыйнай рады першага склікання, і мы выказваем ёй словы падтрымкі і ўдзячнасці за тое, што Каардынацыйная рада была створана і можа працягваць сваю дзейнасць.

За прыняцце заявы прагаласавалі 42 дэлегата з 43 прагаласаваўшых, адзін устрымаўся.

Яшчэ навіны

Падзяліцца