Мы вітаем вызваленьне палітычных вязьняў, аднак канвэер рэпрэсіяў не спыняецца. У панядзелак, 23 чэрвеня, сябры Дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі ў ПАРЭ прадстаўлялі сваё бачаньне сытуацыі ў краіне — як знутры, так і звонку.

Сустрэча была прысьвечаная абмеркаваньню дзейнасьці дэмакратычных сілаў Беларусі, становішча палітычных вязьняў, умоваў утрыманьня ў турмах, транснацыянальных рэпрэсіяў і важнасьці падтрымкі незалежных мэдыяў.

Дэлегацыю дэмакратычных сілаў Беларусі на летняй сэсіі ПАРЭ прадстаўлялі сябры Каардынацыйнай рады: Аляксандра Мамаева, Павел Латушка, Валерый Мацкевіч, Маргарыта Ворыхава і Вольга Карпушонак. Сакратаркаю дэлегацыі зьяўляецца Ксенія Луцкіна — сябра першага скліканьня Каардынацыйнай рады.

Сябры Каардынацыйнай рады выступілі ў трох палітычных групах ПАРЭ, дзе падзяліліся сваім бачаньнем актуальнай сытуацыі ў Беларусі.

«Падушка з хлеба, нязгаснае сьвятло і сьцены камэраў, спісаныя вершамі на ўсіх эўрапейскіх мовах, сямідзённы працоўны тыдзень і заробак у два рублі», — журналістка і былая палітзьняволеная Ксенія Луцкіна апісала ўмовы турэмнага ўтрыманьня ў Беларусі. Яна распавяла пра колькасьць палітзьняволеных, узровень рэпрэсіяў, «экстрэмістаў», цяжкасьці з пошукам працы і пра «нябачных людзей». Таксама ўздымалася тэма памілаваньняў і неабходнасьці падтрымкі незалежных мэдыяў і беларускіх дэмакратычных сілаў.

«Беларускі народ і рэжым Лукашэнкі — гэта розныя рэчы», — падкрэсьліла Аляксандра Мамаева. Яна выступіла з тэмай пра праблемы мабільнасьці беларусаў — як унутры Беларусі, так і на тэрыторыі Эўразьвязу. Асобна яна закранула пытаньне пра неабходнасьць процідзеяньня прасоўваньню ідэалёгіі «рускага сьвету» і крамлёўскай прапаганды.

«Аляксандар Лукашэнка — ня закладнік Крамля, а суагрэсар у вайне супраць Украіны. Таму ён і ягоныя саўдзельнікі павінны несьці адказнасьць у рамках міжнароднага трыбуналу за злачынствы агрэсіі», — заявіў Павел Латушка. Ён таксама падрабязна распавёў пра транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой.

За апошнія пяць гадоў дэмакратычныя сілы Беларусі сфармавалі ўстойлівую і дзейсную інфраструктуру. Яна ўключае Аб’яднаны пераходны кабінэт на чале са Сьвятланай Ціханоўскай, Каардынацыйную раду, шырокую сетку Народных амбасадаў і дзясяткі грамадзкіх арганізацыяў. Гэтыя структуры ўплываюць на ўнутраныя працэсы, адстойваюць інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне, процідзейнічаюць прапагандзе, прасоўваюць мэханізмы прыцягненьня вінаватых да адказнасьці, дапамагаюць пацярпелым і захоўваюць беларускую ідэнтычнасьць.

«Беларусы гатовыя адстойваць сваю незалежнасьць пры любым варыянце разьвіцьця падзеяў», — адзначыў Валерый Мацкевіч.

«Стаць “экстрэмістам” у Беларусі проста — дастаткова гаварыць праўду», — сказала Вольга Карпушонак, падкрэсьліўшы праблемы беларускіх уцекачоў.

«Пустыя заявы пра падтрымку моладзі — гэта недастаткова. Неабходныя бачная і канкрэтная дапамога: больш праграм мабільнасьці і адукацыі, больш інвэстыцыяў у моладзевыя арганізацыі беларусаў», — падкрэсьліла Маргарыта Ворыхава, якая традыцыйна выступае за інтарэсы маладых беларусаў.

Дэпутаты ПАРЭ падзякавалі ўсім беларусам за адвагу і мужнасьць у змаганьні за сваю будучыню і незалежнасьць.

Дэлегацыя працягвае сваю працу.

Яшчэ навіны

Падзяліцца