28 чэрвеня Каардынацыйная Рада з нагоды Месяца Гонару па прапанове фракцыі Моладзевы Наступ прыняла заяву ў падтрымку ЛГБТКІ+ супольнасьці.
Заява Каардынацыйнай Рады з нагоды Месяца Гонару
Месяц Гонару — гэта час сказаць ясна: мы падтрымліваем ЛГБТКІ+ людзей у Беларусі і па ўсім сьвеце. У нашай краіне квір-людзі ня проста стыгматызаваныя — іх iснаваньне крымiналiзавана, яны падвяргаюцца перасьледу і гвалту з боку дзяржавы.
У 2024 годзе больш за 30 ЛГБТКІ+ пэрсон у Беларусi былі затрыманыя па сфабрыкаваных абвінавачваньнях, у тым ліку за «хуліганства» і «распаўсюд парнаграфіі». Многія зь іх падвяргаліся катаваньням і жорсткаму абыходжаньню. Для транслюдзей* сытуацыя яшчэ горшая: дзяржава штучна блакуе доступ да ўciх этапаў трансгендэрнага пераходу, і сёньня да 80% заяў на трансгендэрны пераход адхіляюцца нават пасьля праходу празь неабходныя i даволi прыніжальныя працэдуры, хоць яшчэ некалькі гадоў таму гэтая доля не перавышала 20%.
У 2024 годзе Міністэрства культуры Беларуci клясыфікавала «гомасэксуальнасьць, лесьбійскую любоў і жаданьне ўспрымацца як асоба іншага полу» як парнаграфічны кантэнт. Усё, што тычыцца ЛГБТКІ+ ідэнтычнасьці ў публічнай прасторы, цяпер можа расцэньвацца як крымінальнае парушэньне з пакараньнем да 4 гадоў пазбаўленьня волі — або да 13 гадоў, калі «ўцягнутыя непаўналетнія». Генпракуратура дадаткова падрыхтавала законапраект аб «прапагандзе нетрадыцыйных адносін», які прыраўноўвае ЛГБТКІ+ да пагрозы для дзяцей і дзяржавы.
Як актывісты й палітыкі, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь, мы адмаўляем любы парадак гвалту. У нашай палітычнай і адвакатыўнай працы мы лiчым прыярытэтам падтрымку ўсіх уразлiвых i рэпрэсаваных груп маладых людзей, уключна з ЛГБТКІ+ беларусамі.
Мы хочам жыць ў Беларусі, дзе:
1) Спыненыя ўсе формы дзяржаўнага гвалту і юрыдычнага перасьледу па прыкметах сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасьці.
2) Ёсьць доступ да бясьпечнай і пацьвярджаючай мэдыцынскай дапамогі для ўсіх, уключаючы транс- і небінарных людзей.
3) ЛГБТКІ+ людзі і іх семʼі юрыдычна прызнаныя і іх правы абароненыя.
Наша салідарнасьць — не сымбалічная. Гэта абавязак дзейнічаць: уключаць квір-галасы ў нашу працу, змагацца з гамафобіяй і трансфобіяй у нашых супольнасьцях і будаваць будучыню, дзе аніхто ня будзе вымушаны хаваць сябе.
У Беларусі небясьпечна быць супраць рэжыму, але калі ты яшчэ й прыналежыш да ЛГБТК супольнасьці, то небясьпечна ў х2. Усе мы бачылі, як псы рэжыму прымушаюць затрыманых распавядаць аб сваёй арыентацыі, чаго не павінна быць у нармальным грамадзтве.
Мы хочам нагадаць, што ўмяшальніцтва дзяржавы й ганеньне грамадзтвам людзей па прыкмеце “іншасьці”, — ня можа быць прымальным.
Прыкра, што нават у замежжы, у дэмакратычных краінах прадстаўнікі ЛГБТК супольнасьці й удзельнікі маршаў роўнасьці працягваюць сутыкацца з пагрозамі.
Мы ўсе змагаемся за Свабоду. Але, як казалі, Свабода не шведскі стол, дзе можна абіраць толькі тую свабоду, якая падабаецца. Разам з правам абіраць і быць абраным, свабодай слова і аб’яднаньняў ідзе й павага да ўсіх людзей. — пракаментаваў прадстаўнік фракцыі Моладзевы Наступ Яўген Караулаў.