Сёння прэзідэнт Еўрапарламента абвясціў пра ўзнагароджанне дэмакратычных сіл Беларусі прэміяй Сахарава – найвышэйшай узнагародай Еўрапейскага парламента за ўнёсак у змаганне за правы чалавека і волю думкі.

Прэмію Сахарава атрымала дэмакратычная апазіцыя ў асобе Каардынацыйнай Рады, Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай, Вольгі Кавальковай, Святланы Алексіевіч, Веранікі Цапкала, Сяргея Ціханоўскага, Алеся Бяляцкага, Сяргея Дылеўскага, Сцяпана Пуцілы. 

Прэмія Сахарава была заснавана ў 1988 годзе і прысуджаецца Еўрапарламентам штогод. Яе ўручаюць людзям і арганізацыям, што ўнеслі выключны ўнёсак у змаганне за правы чалавека ва ўсім свеце. 

Напомнім, у верасні Еўрапарламент прызнаў Каардынацыйную Раду «часовым прадстаўніцтвам народа Беларусі», які змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі.

Вольга Кавалькова, сябра Прэзідыума КР, падзякавала Еўрапейскі Парламент за салідарнасць і прызнанне ролі і ўнёску дэмакратычнай апазіцыі ў прасоўванні дэмакратычных змен. 

«Гэта перамога кожнай беларускі і беларуса, якія паверылі ў сябе! Бо змены пачынаюцца з кожнага з нас і мы паказалі, што нас большасць і мы адзіныя ў сваім жаданні абіраць сабе ўладу і жыць у прававой дзяржаве. Мы працягваем замацоўваць нашу перамогу, і на гэтым шляху салідарнасць і падтрымка – гэта самае важнае», – пракаментавала Вольга Кавалькова.

Узнагароджанне пройдзе 16 снежня падчас пленарнай сесіі Еўрапарламента.

Яшчэ навіны

Падзяліцца