Каардынацыйная рада Беларусі

канстатуючы, што:

A. Больш за 1440 палітвязняў, прызнаных праваабарончымі арганізацыямі, знаходзяцца ў месцах зняволення. Рэальна колькасць грамадзян Беларусі, нявінна асуджаных, перавышае 5000 чалавек. Частка палітвязняў ужо выйшлі з месцаў зняволення, адбыўшы поўны тэрмін пазбаўлення волі;

B. Большасць палітвязняў пазбаўленыя права на паўнавартасную адвакацкую абарону, атрыманне медыцынскай дапамогі, падвяргаюцца псіхалагічнаму ціску, фізічным пакаранням і іншым, прыраўнаваным да катаванняў, дзеянняў;

C. Большасць родных і блізкіх палітвязняў і нявінна асуджаных абмежаваныя ў атрыманні інфармацыі аб умовах іх утрымання ў турмах;

D. Усе палітвязні і нявінна асуджаныя ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій з’яўляюцца закладнікамі рэжыму.  Пачынаючы з 2020 года ўладнымі і сілавымі структурамі ў Беларусі разгорнуты беспрэцэдэнтны махавік рэпрэсій, падаўлення волі беларускага народа, спыненне грамадзянскай актыўнасці, запалохванні і кантролю над усімі грамадзянамі краіны;

E. Большая частка затрыманых і арыштаваных не заяўляюцца на статус палітвязняў па розных прычынах, але па факце такімі з’яўляюцца;

F. Ва ўмовах саўдзелу Беларусі ў вайне паміж Расеяй і Украінай на баку агрэсара, палітвязні Беларусі, якія пацярпелі за сваю грамадзянскую антываенную пазіцыю, могуць лічыцца часткай нацыянальнага антываеннага руху, а па сутнасці з’яўляюцца закладнікамі рэжыму ва ўмовах рэгіянальнага вайсковага канфлікту.

зыходзячы з наступных прынцыпаў:

A. Жыццё і свабода чалавека з’яўляецца галоўнай каштоўнасцю любога грамадства і дэмакратычнай дзяржавы. Гэтыя пастулаты зафіксаваны ў агульнапрызнаных дакументах міжнароднага права, у прыватнасці, ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН, бокам дагавора якога з’яўляецца Беларусь;

B. Любая стратэгія вызвалення палітычных зняволеных можа быць разгледжана і абмеркавана, калі яна прапануе эфектыўныя і рэалістычныя механізмы вызвалення (прынцып плюралізму);

C. Кожны палітвязень мае права ведаць, на якіх умовах здзяйсняецца яго вызваленне і не пагадзіцца з такімі ўмовамі, рэалізаваўшы сваё права ўсвядомленага працягу знаходжання ў месцах зняволення ў знак пратэсту, ці пагадзіцца з прапанаванымі ўмовамі вызвалення.

будучы перакананымі, што:

A. усе палітвязні ў Беларусі павінны быць вызваленыя; а нявінна асуджаныя павінны быць рэабілітаваны;

B. асуджэнне па палітычных матывах, захоп закладнікаў, узяцце пад варту ў абыход закона з’яўляюцца злачынствамі. Любое злачынства павінна быць раскрыта, яго выканаўцы ўстаноўлены, вызначана ім мера пакарання;

сцвярджае, што:

A. Вызваленне палітвязняў, іх рэабілітацыя, аказанне сацыяльнай дапамогі ім і іх сем’ям з’яўляюцца аднымі з найважнейшых і прыярытэтных задач для дэмакратычных сіл Беларусі;

B. Вызваленне палітвязняў павінна здзяйсняцца незалежна ад складанасці палітычнай і эканамічнай сітуацыі ў Беларусі (фракцыя Грамадзянская салідарнасць);

C. Вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій — важная ўмова для вяртання Беларусі да дэмакратыі і вяршэнства права, у тым ліку правядзення сапраўдных выбараў, якія забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў (фракцыя Адзінства па-над межамі);

D. Грамадскасць не мае маральнага права судзіць палітычных зняволеных за іх выбар сродкаў вызвалення і даваць ім ацэнку (фракцыя Шчаслівая нацыя);

E. Толькі кансалідаваныя намаганні ўсіх палітычных сіл з прыцягненнем дапамогі міжнародных арганізацый і ўрадаў іншых краін з’яўляюцца абавязковай і неабходнай умовай для вырашэння задач вызвалення палітвязняў ва ўмовах узмацнення рэпрэсій у краіне (Фракцыя адказнага партнёрства, фракцыя Адзінства па-над межамі).

 

Дэлегаты Каардынацыйнай рады Беларусі падчас абмеркавання стратэгіі вызвалення палітвязняў вызначылі наступныя варыянты і падыходы:

A. Стратэгія павышэння эфектыўнасці санкцый і ўзмацнення ціску на рэжым. Стратэгія прадугледжвае індывідуалізацыю і пашырэнне персанальных санкцый для прадстаўнікоў рэжыму, увядзенне асобнага пакета санкцый, прадугледжанага за наяўнасць палітвязняў у Беларусі, узмацненне кантролю над рэалізацыяй санкцый, іх пашырэнне ў выпадку ўзмацнення рэпрэсій (Фракцыя адказнага партнёрства, фракцыя Адзінства па-над межамi);

B. Стратэгія гуманітарнага трэка і перагаворнага працэсу. Вызваленне палітвязняў павінна быць выдзелена ў асобны гуманітарны трэк і перамоўны працэс. Гуманітарны трэк разглядаецца як умоўнае і часовае аддзяленне працэсу вызвалення палітвязняў ад мэты перамогі над рэжымам і пошук рашэнняў вызвалення палітвязняў на гуманітарных падставах.  Дадзеная стратэгія не азначае адмову ад мэт змены рэжыму ў Беларусі (фракцыі Грамадзянская салідарнасць, Моладзевы наступ);

C. Стратэгія кампрамісу: кампрамісы магчымыя, калі яны не ставяць пад пагрозу жыццё людзей і не пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнаці і незалежнасці Беларускай дзяржавы (фракцыя Шчаслівая нацыя);

Дэлегаты Каардынацыйнай рады Беларусі

A. адзначаюць наяўнасць разыходжанняў у фракцый у ацэнцы перагаворнай пазіцыі рэжыму і яго гатоўнасці аслабіць рэпрэсіі і г.д.

B. пагадзіліся і рэкамендуюць выкарыстанне комплекснага падыходу ў рэалізацыі наступных крокаў і дзеянняў па вызваленні палітвязняў, а менавіта:

a. ужыванне прылады санкцый у варыянтах:

I. узмацнення і кантролю іх выканання, уцягванне ў іх краін, якія ўплываюць на палітыка-эканамічную сітуацыю ў Беларусі (Фракцыя адказнага партнёрства, фракцыя Адзінства па-над межамі);

II. як інструмент гнуткага і сегментарнага іх прымянення ва ўмовах перагавораў (фракцыя Грамадзянская салідарнасць);

b. падрыхтоўка спісаў і катэгарызацыя палітвязняў, збор інфармацыі; аналіз дадзеных, маніторынг (усе фракцыі);

c. складанне спісаў злачынцаў рэжыму і прымяненне мер па абмежаванні іх у правах і выкарыстанні інструмента ўніверсальнай юрысдыкцыі (Фракцыя адказнага партнёрства);

d. пошук кантактаў і прадстаўнікоў з боку рэжыму;  папярэдняе выяўленне патрабаванняў і ўмоў боку (фракцыі Грамадзянская салідарнасць і Шчаслівая нацыя);

e. пазначыць напрамак міжнароднай дзейнасці КР па пытанні палітзняволеных як:

I. выкарыстанне механізму дыпламатычных намаганняў, пошук пасрэднікаў і партнёраў, гатовых пачаць перамовы з дзейнымі ўладамі Беларусі, устанаўленне кантактаў з дыпламатамі еўрапейскіх і іншых краін для стварэння ўмоў па вызваленні палітвязняў і інш;

II. дапускаецца выкарыстанне механізма перагавораў як у адкрытым, так і ў закрытым фармаце ў залежнасці ад канкрэтных мэт і задач працэсу вызвалення палітзняволеных;

f. аналіз дакладнай і поўнай інфармацыі аб дзеяннях усіх стэйкхолдэраў і зацікаўленых бакоў, вывучэнне вопыту вызвалення палітзняволеных у іншых краінах,

g. кансультаванне міжнародных партнёраў, прадстаўнікоў, сумеснае праектаванне і сцэніраванне перагаворнага працэсу па вызваленні палітзняволеных;

h. арганізацыя перагаворнай пляцоўкі (перагаворнай групы) і пастаянна дзеючай гуманітарнай місіі па абмене палітзняволенымі (фракцыя Грамадзянская салідарнасць);

i. фармаванне працоўнай групы па каардынацыі стратэгій і сцэнараў вызвалення палітвязняў, якая ўключае «прадстаўнікоў» як дэмакратычных сіл, так і прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый, грамадзянскіх ініцыятыў і экспертнай супольнасці.

Каардынацыйная рада Беларусі падкрэслівае, што стратэгія вызвалення палітвязняў не можа рэалізоўвацца без удзелу прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі як на розных стадыях перамоўнага працэсу, так і на стадыі фармавання санкцыйных патрабаванняў, і вызначае, што 

Каардынацыйная рада Беларусі можа:

    1. ініцыяваць дзеянні па вызваленні палітвязняў у Беларусі,
    2. удзельнічаць у распрацоўцы і рэалізацыі стратэгіі па вызваленні палітвязняў,
    3. уваходзіць у склад перагаворных і кансультатыўных груп па вызваленні палітвязняў сумесна з замежнымі партнёрамі,
    4. ажыццяўляць каардынацыю дзеянняў паміж рознымі актарамі, якія ўплываюць на працэс вызвалення палітвязняў;
    5. запрашаць да ўдзелу групы асоб, палітычныя і грамадзянскія арганізацыі, якія ўключаюцца ў рэалізацыю стратэгіі па вызваленні палітвязняў.

Абазначаючы стратэгічныя разыходжанні паміж фракцыямі ў пытанні вызвалення палітвязняў і кіруючыся разуменнем захавання адзінства і ўзгодненасці дзеянняў унутры дэмакратычных сіл,

Каардынацыйная рада Беларусі заклікае:

A. Дзяржавы-удзельнікаў міжнародных праваабарончых канвенцый і дагавораў запатрабаваць з дапамогай дыпламатычных і іншых каналаў камунікацыі з рэжымам выканання абавязацельстваў Беларусі па гэтых дагаворах, спынення ганенняў па палітычных падставах, аднаўлення законнасці ва ўжо рэалізаваных злачынных актах супраць грамадзян Беларусі і іншых краін, а таксама недапушчэння такіх дзеянняў у будучыні (Фракцыя адказнага партнёрства, фракцыя Адзінства па-над межамі);

B. Міжнародных партнёраў і праваабарончыя арганізацыі ўключыць у свой парадак дня пытанне вызвалення палітвязняў у Беларусі і зрабіць яго прыярытэтным, актуалізаваць і перагледзець рамкі і падыход у пытанні санкцый у кантэксце вызвалення палітвязняў у Беларусі;

C. Офіс Святланы Ціханоўскай (ОСЦ) і Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК):

a. Рэгулярна актуалізаваць тэму палітзняволеных у перагаворах з прадстаўнікамі іншых дзяржаў і міжнародных арганізацый, не дапускаць знікнення тэмы злачынстваў рэжыму супраць уласных грамадзян з гуманітарнага парадку дня перагавораў;

b. Арганізаваць узаемадзеянне з прадстаўнікамі краін, якія маглі б аказаць значны палітыка-эканамічны ціск на рэжым з мэтай паслаблення і спынення рэпрэсій (Фракцыя адказнага партнёрства);

c. Максімальна выкарыстоўваць свае лідэрскія перавагі для кансалідацыі ўсіх дэмакратычных сіл у рашэнні задач вызвалення палітвязняў у Беларусі;

d. Уводзіць сваіх прадстаўнікоў у экспертную групу з удзелам зацікаўленых ініцыятыў і арганізацый па распрацоўцы стратэгій спынення палітычных рэпрэсій. Прыкласці намаганні па арганізацыі поўнага спісу палітвязняў і пацярпелых ад дзеянняў рэжыму.  Пачаць працу па кансалідацыі намаганняў розных праваабарончых ініцыятыў па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да рэпрэсій і распрацоўкі мер абмежавальнага характару на дзейнасць гэтых асоб у краінах ЕЗ і іх саюзнікаў;

D. Палітычныя структуры і ўсе зацікаўленыя бакі ўстрымацца ад неканструктыўнай крытыкі прапанаваных варыянтаў і спробаў вызвалення палітвязняў, ад выкарыстання пытання палітвязняў у перадвыбарных і персанальных піяр-кампаніях, вытрымліваючы рэжым узаемнай павагі і прызнання правоў грамадзян на ўдзел у вызваленні.

 

Прыкладанне:

Афіцыйныя пазіцыі фракцый.

Яшчэ навіны

Падзяліцца