07.09.2020
г. Мінск
З улікам брутальных затрыманняў актывістаў, удзельнікаў мірных акцый і выпадковых мінакоў, у тым ліку студэнтаў, жахароў пасёлка трактарнага завода ў г. Мінску, жахароў г. Гродна, супрацоўнікаў ТВВОД, наведвальнікаў кавярні і многіх іншых, беручы пад увагу, што 07.09.2020 былі выкрадзеныя сябар Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, прэс-сакратар Антон Раднянкоў, выканаўчы сакратар Іван Краўцоў, 05.09.2020 была гвалтоўна вывезеная з краіны сябар Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова, 31.08.2020 г. была заведзеная крымінальная справа ў дачыненні да сябра Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Ліліі Уласавай, з 24.08.2020 затрыманы і пад адміністратыўным арыштам знаходзіцца сябар Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Сяргей Дылеўскі, Каардынацыйная Рада ўважае неабходным зрабіць наступную заяву:

Мірныя акцыі, якія праходзяць па ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пасля 09.08.2020 г. і выражаюць меркаванне большасці, з’яўляюцца настолькі масавымі, што для іх падаўлення улада пачала адкрыта выкарыстоўваць метады тэрору.

Намагаючыся застрашыць большасць і прымусіць яе адмовіцца ад публічнага выказвання свайго меркавання, улада з паказальнай жорсткасцю ажыццяўляе пераслед актывістаў і затрыманне выпадковых грамадзян, выкарыстоўваюцца спецсродкі.

Відавочна, што ўсе гэтыя метады з’яўляюцца незаконнымі і не могуць прывесці ні да якога іншаму выніку, акрамя абвастрэння сітуацыі і паглыблення крызісу.

Мірныя акцыі ўзнікаюць дэцэнтралізавана і без лідараў. Тэрор у дачыненні да ўдзельнікаў акцый бессэнсоўны. Людзі, якія ўдзельнічаюць у акцыях, баяцца перш за ўсё не гвалту, якім асабіста ім пагражае ўлада, а будучыні ў неправавой дзяржаве, якая чакае іх і іх блізкіх, калі сітуацыя ў краіне не зменіцца, а законнасць і дэмакратыя не будуць адноўленыя.

Сябры Каардынацыйнай Рады сёння падаюць заявы ў Следчы камітэт па ўсіх фактах здзейсненых праваахоўнікамі супрацьпраўных дзеянняў 06.09.2020 г. і ў іншыя дні.

Асаблівая ўвага ў заяве звяртаецца на дзеянні групы невядомых асобаў увечары ў Менску ў раёне дома 3 па праспекце Пераможцаў. Гэтыя асобы не насілі форменнай вопраткі і знакаў адрознення, закрылі свае твары маскамі для ўскладнення ідэнтыфікацыі, не прадстаўляліся і не прад’яўлялі дакументаў, затое адкрыта дэманстравалі розную зброю падчас мірнай акцыі і без абвяшчэння якіх-кольвек патрабаванняў ўжывалі спецсродкі, збівалі грамадзян. Зыходзячы з заявы прэс-сакратара МУС В.М. Чамаданавай, гэтыя асобы з’яўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Кіраванне іх дзеяннямі ажыццяўляў палкоўнік міліцыі начальнік ГУБАЗіК МУС М.М. Карпянкоў, які асабіста разбіваў шкляныя дзверы ў кавярні.

Выкарыстанне спецсродкаў і сілы да ўдзельнікаў мірных акцый і да выпадковых мінакоў, да асобаў, якiя не аказваюць супраціўлення, і нават да тых, хто ляжыць на зямлі для дэманстрацыі мірных намераў, з’яўляецца перавышэннем улады або службовых паўнамоцтваў (артыкул 426 КК РБ).

Лічым, што важна разабрацца, з якой мэтай былі аддадзеныя злачынныя загады: для пакарання за грамадзянскую пазіцыю, для застрашвання насельніцтва або для правакацыі неправамернай рэакцыі ў адказ; у залежнасці ад мэты надыходзіць дадатковая адказнасць.

Мяркуем, што калі гвалт і прычыненне пакутаў здзяйсняюцца асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, у мэтах пакарання за палітычныя погляды дадаткова адказнасць надыходзіць па артыкуле 128 КК РБ (Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва).

Калі гвалт здзяйсняецца з мэтай застрашвання і прымушэння грамадзян да адмовы ад палітычнай ці грамадскай дзейнасці або для застрашвання насельніцтва, і такія дзеянні здзяйсняюцца з пагрозай для людзей або пагрозай цяжкіх наступстваў, гэтыя дзеянні могуць быць дадаткова кваліфікаваныя як акты тэрарызму (арт. 289 КК РБ).

Калі супрацоўнікамі праваахоўных органаў выкарыстоўваецца неабгрунтаваны гвалт для таго, каб паспрабаваць выклікаць гвалт у адказ з боку мірных дэманстрантаў і апраўдаць наступнае ўжыванне зброі, то гэтыя дзеянні дадаткова могуць быць кваліфікаваныя як спроба распальвання сацыяльнай варожасці (арт. 130 КК).

Каардынацыйная Рада адзначае, што ўсе дзеянні, здзейсненыя асобамі, якія выступаюць у афіцыйным статусе, спалучаныя з ужываннем гвалту і накіраваныя на задушэнне палітычнай і грамадскай актыўнасці грамадзян, з’яўляюцца злачынствамі супраць бяспекі чалавецтва, у дачыненні да якіх адсутнічаюць тэрміны даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці, і якія праследуюцца ў любой краіне свету.

Каардынацыйная Рада адзначае, што выкананне заведама злачынных загадаў не вызваляе ад адказнасці выканаўцу, а невыкананне заведама злачыннага загаду з’яўляецца правамерным.

Каардынацыйная Рада ў чарговы раз заклікае ўладу прызнаць відавочнае і прыняць меры да аднаўлення законнасці і аднаўлення статусу Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай дзяржавы.

Для прыняцця мераў па пераадоленні крызісу і дэманстрацыі першых крокаў, звязаных з выкананнем патрабаванняў, сфармуляваных Каардынацыйнай Радай, неабходна неадкладна:

  1. Ініцыяваць і забяспечыць расследаванне злачынстваў, здзейсненых у перыяд з 09.08.2020 г. у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый, у тым ліку расследаваць гібель людзей, зніклых у перыяд з 09.08.2020 г. Забяспечыць штодзённае давядзенне да грамадства аб’ектыўнай інфармацыі аб ходзе расследавання.
  2. Апублікаваць дакладную інфармацыю аб выніках галасавання 09.08.2020 г. па кожным выбарчым участку. Правесці праверку на прадмет наяўнасці прыкмет складу злачынства, прадугледжанага арт. 192 КК, па ўсіх зафіксаваных фактах парушэння выбарчага працэсу, у тым ліку, але не выключна, па выяўленых і задакументаваных фактах фальсіфікацый падліку галасоў выбаршчыкаў, складання заведама падробных дакументаў па выніках выбараў, прымусу сяброў выбарчых камісій да такіх дзеянняў з боку прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады і кіравання.
  3. Спыніць палітычныя рэпрэсіі і ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку разгледзець пытанне адмены або змены мераў стрымання па крымінальных справах аб масавых беспарадках, групавых парушэннях грамадскага парадку ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных па гэтых справах, затрыманых у перыяд з 10.05.2020 г. па цяперашні час, у тым ліку ў дачыненні да Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага і іншых асобаў, прызнаных палітзняволенымі (http://spring96.org/be/news/49510). Вызваліць усіх незаконна затрыманых удзельнікаў мірных акцый і асобаў, якія адбываюць адміністратыўны арышт за ўдзел у мірных акцыях.
  4. Спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да сяброў Каардынацыйнай Рады. Забяспечыць неадкладнае вызваленне Марыі Калеснікавай, Ліліі Уласавай, Андрэя Ягорава, Антона Раднянкова, Івана Краўцова, а таксама пацвердзіць магчымасць і даць гарантыі свабоднага вяртання Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі і Святланы Ціханоўскай у краіну.

Каардынацыйная Рада просіць грамадзян не паддавацца на правакацыі, не адказваць гвалтам на гвалт і дамагацца прыцягнення ўсіх злачынцаў да адказнасці выключна паводле закона.

Яшчэ навіны

Падзяліцца