Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся да Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні пра незалежнасць суддзяў і адвакатаў з паведамленнем пра сітуацыю з адвакатамі Максімам Знакам і Іллём Салеем.

Паводле свайго мандата Спецдакладчык рэагуе на атрыманую інфармацыю пра меркаваныя парушэнні, звязаныя з незалежнасцю і бесстароннасцю суддзяў і з незалежнасцю юрыдычнай прафесіі, скіроўваючы зацікаўленым дзяржавам лісты з указаннем меркаваных парушэнняў і заклікі да неадкладных дзеянняў, каб выясніць і/ці давесці да іх звесткі адпаведныя выпадкі.

Максім Знак — адвакат, партнёр юрыдычнай фірмы Borovtsov & Salei. Максім зьяўляўся адвакатам Віктара Бабарыкі, які балатаваўся ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах, але не быў зарэгістраваны ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Максім Знак таксама зьяўляецца сябрам Прэзідыума Каардынацыйнай Рады, якая створаныя па ініцыятыве былога кандыдата ў Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай дзеля арганізацыі працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве. Ён затрыманы.

Ілля Салей — адвакат Марыі Калеснікавай, кіраўніка штаба Віктара Бабарыкі, адной з лідараў Каардынацыйнай Рады і беларускага пратэстнага руху. Ён затрыманы.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт лічыць дадзеныя дзеянні ўмяшаннем у прафесійную чыннасць адвакатаў і падрывам іх незалежнасці па палітычных матывах.

У сваім паведамленні спецдакладчыку Беларускі Хельсінкскі Камітэт заклікаў распачаць неадкладныя дзеянні ў сувязі з затрыманнем адвакатаў і скіраваць ураду Беларусі тэрміновае паведамленне пра патрэбу выканання асноўных прынцыпаў, што кранаюць ролі юрыстаў.

Яшчэ навіны

Падзяліцца