📌 Такія слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета перад Каардынацыйнай Радай паказваюць, што мы ўмеем працаваць разам.

📌 Дзякуй усім прадстаўнікам, іх намеснікам. Вы працуеце ў складаных умовах, у цэйтноце і практычна без рэсурсаў. Пад страхам рэпрэсій і пераследу. Але нягледзячы на гэта, вам удаецца паказваць вынікі.

📌 Сябры Каардынацыйнай Рады таксама добра ведаюць, што праца ў палітыцы – няўдзячная і рызыкоўная. Цяпер і Кабінет, і Каардынацыйная Рада знаходзяцца пад атакай рэжыму.

📌 Сёння я прашу Каардынацыйную Раду падтрымаць і ўхваліць працу прадстаўнікоў і іх прадстаўніцтваў. А таксама падумаць, як мы можам лепш арганізаваць супрацу.

📌 Несумненна, ёсць і недахопы. Апошнія гады мы не раз сутыкаліся з цяжкімі сітуацыямі і часам дапускалі памылкі – і персанальныя, і арганізацыйныя, і камунікацыйныя. І буду радая пачуць вашыя парады, як палепшыць працу Кабінета.

📌 Буду радая пачуць таксама кадравыя прапановы на пасаду прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку. І вядома, з нецярплівасцю чакаю далучэння да каманды Кабінета Алісы Рыжычэнкі, якая зойме пасаду прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах. Гэта дапаможа нам закрыць крытычна важны напрамак у Кабінеце, і безумоўна, выраўняць гендарны баланс.  Заўтра на канферэнцыі мы абавязкова абвесцім аб яе прызначэнні, а таксама аб зменах у працы місій. У прыватнасці, зменіцца кіраўнік Місіі ва Украіне.

📌 Падсумоўваючы слуханні, і ў цэлым мінулыя пяць гадоў, я хачу адзначыць галоўнае: нам удалося выстаяць. Захаваць суб’ектнасць беларускага грамадства. У нас створаныя і функцыянуюць інстытуты дэмакратычнай супольнасці, і экасістэма самых розных арганізацый і ініцыятыў. Палітычныя арганізацыі працуюць разам з грамадзянскай супольнасцю – і гэта робіць наш рух больш устойлівым.

📌 Многія стамляюцца, сыходзяць з дыстанцыі. Але капітуляцыя – не выхад. Гэта тое, чаго дабіваецца рэжым. Каб свет забыў пра Беларусь, а яны маглі ў цішыні працягваць тэрор. Гэтага мы не дапусцім.

📌 У прадстаўнікоў дэмакратычнага руху могуць быць розныя погляды, бачанне сітуацыі. Дзеля гэтага мы збіраемся, спрачаемся, абмяркоўваем. Асабіста я прымаю любую крытыку і любыя заўвагі, але больш за ўсё я хачу чуць ідэі і прапановы і бачыць ініцыятыву. Мы з вамі ў адным чоўне, змагаемся з адным ворагам, і ў нас з вамі адна мэта.

Яшчэ навіны

Падзяліцца