9 сакавіка на сустрэчы з сябрамі Парламента Швейцарыі Вольга Кавалькова заклікала швейцарскіх заканадаўцаў падтрымаць Каардынацыйную раду як легітымную дыялогавую пляцоўку, як гэта зрабілі іх калегі з ЕС і ЗША. Вольга Кавалькова таксама пазначыла патрэбу міжнароднай рэакцыі на факты крымінальнага пераследу і нападкаў на Каардынацыйную раду. 

Беларускі бок прапанаваў стварыць міжпартыйную парламенцкую групу па Беларусі і праводзіць рэгулярныя слуханні па сітуацыі ў краіне з удзелам прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, праваабарончых арганізацый і іншых суб’ектаў дэмакратычнага грамадства. Дэпутаты Швейцарыі падтрымалі прапанову.

На сустрэчы з сябрамі Парламента Швейцарыі казалі пра патрэбу сваечасовай рэакцыі міжнароднай супольнасці, у форме рэзалюцый і не толькі, у адказ на рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама падтрымку незалежнага прыватнага бізнесу, прафсаюзаў і грамадзянскай супольнасці. 

Беларуская дэлегацыя прапанавала стварыць і рэалізаваць механізм універсальнай юрысдыкцыі Швейцарыі па парушэннях правоў чалавека і злачынствах супраць мірных грамадзянаў у Беларусі.

Дэпутаты Швейцарыі, у сваю чаргу, прасілі беларускі бок аператыўна інфармаваць амбасаду Швейцарыі ў Мінску пра развіццё сітуацыі і факты рэпрэсій, каб уплываць на фарміраванне палітыкі ў дачыненні Беларусі. 

Напачатку працоўнага візіту ў Швейцарыю, 7 сакавіка, Святлана Ціханоўская, Вольга Кавалькова, Алесь Бяляцкі і пісьменнік Саша Філіпенка ўзялі ўдзел у панэльнай дыскусіі, дзе разам з замежнымі калегамі абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі і дапамогу міжнароднай супольнасці ў пераадоленні палітычнага крызісу.

Прадстаўнікі КР таксама сустрэліся з беларускай дыяспарай у Швейцарыі і міжнароднымі арганізацыямі — Міжнароднай Амністыяй, Сусветнай Арганізацыяй супраць катаванняў, Сусветнай Радай Цэркваў. Праваабаронцы з іншых краін адзначылі патрэбу забеспячэння магчымасці праваабарончай дзейнасці ў Беларусі.

Яшчэ навіны

Падзяліцца