Міжнародныя арганізацыі, праваабаронцы і юрысты з іншых краін свету падтрымліваюць Беларусь і працягваюць скарыстоўваць законныя механізмы, каб абараняць правы чалавека ў Беларусі.

Расійскія адвакаты патрабуюць спынення пераследу калегаў з Беларусі за іх прафесійную дзейнасць і прапануюць адвакатам, суддзям, пракурорам і ўсім прадстаўнікам юрыдычных прафесій далучыцца да звароту да Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН і камісарам Міжнароднай камісіі юрыстаў.  

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі падрыхтаваў трэцюю прамежкавую справаздачу пра ўжыванне катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні жанчын. Падчас падрыхтоўкі дакумента былі праінтэрвіяваныя 143 жанчыны, пацярпелыя ад катаванняў і іншых дзеянняў сілавікоў.

На мінулым тыдні на сесіі Савета ААН па правах чалавека быў пададзены даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека пра сітуацыю ў Беларусі. Даклад быў зроблены на падставе інфармацыі, якая раней была пададзеная беларускімі праваабаронцамі. Мішэль Бачэлет, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, выказала гатовасць да супрацоўніцтва Кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН з уладамі, каб спрыяць зменам, якія лічацца важнымі для пабудовы справядлівага, мірнага і ўстойлівага шляху для краіны. У дакладзе адзначаны шматлікія выпадкі пераследу грамадзянаў па палітычных матывах, адсутнасць належнай рэакцыі праваахоўчых органаў на звароты пацярпелых, парушэнні базавых праў чалавека.

Міжнародная падтрымка – важная частка мірнага пратэсту. Салідарнасць праваабаронцаў з розных краін дэманструе, што беларусы на правільным шляху да пабудовы прававой дзяржавы.

Яшчэ навіны

Падзяліцца