Удзельніцы фем-групы Каардынацыйнай Рады Вольга Шпарага, Юлія Міцкевіч і Святлана Гатальская запусцілі флэшмоб #сиделазасвободу. Ідэя кампаніі – стварыць агульны партрэт удзельніцы мірных пратэстаў у Беларусі, а таксама зрабіць жанчын больш бачнымі ў беларускай палітыцы. 

Пра вобраз жанчын у руху за волю і значэнне гендарнай роўнасці ў Беларусі расказвае прадстаўніца фем-групы Каардынацыйнай Рады, гендарная экспертка Юлія Міцкевіч.

Пра кампанію #сиделазасвободу і прычынах затрымання

Ідэя кампаніі прыйшла нам у галаву, калі мы сядзелі ў камеры ў Жодзіна і абмяркоўвалі з дзяўчынкамі будучыню. Па-мойму, Оля Шпарага  прапанавала правесці нейкі флэшмоб, і мы сталі накідваць ідэі, які б мог быць хэштэг у гэтага флэшмобу. Я прапанавала варыянт #сядзелазасвабоду, і ўсе яго падтрымалі. А потым яшчэ пачалі развіваць тэму, і апынулася, што і па-англійску, і па-беларуску гэта таксама можа гучаць хораша –  #prisonforfreedom і #засвабодузакратамі.  

Увогуле, мы абмяркоўвалі, што вельмі шмат кабет цяпер знаходзіцца «на сутках», але гэта не так заўважна. І мы вырашылі, што будзе вельмі добра, калі мы зробім такі зборны вобраз і пакажам, што жанчыны, якія знаходзяцца ў турме, – яны вельмі розныя: рознага веку, рознага сацыяльнага становішча, розных прафесій. І гэта будзе ў процівагу дзяржаўнаму месэджу, што толькі нейкія там вельмі маладыя жанчыны ходзяць на маршы.

Я ведаю, што маё затрыманне звязана з КР

Мяне прывезлі ў Кастрычніцкае РУУС і пачалі дапытваць, паказваючы мне фота з майго фэйсбука з нагоды майго ўдзелу ў маршах. Праз нейкі час адказны ў РУУС стаў распытваць мяне пра ўдзел у фем-групе Каардынацыйнай Рады. Я была здзіўлена, бо гэта да маршаў не мае ніякага дачынення. І тады ён сказаў, што маршы – толькі фармальная прычына, і пачаткаў задаваць пытанні пра КР і фем-групу. 

Я ведала дакладна, што, калі я выйду, я буду працягваць рабіць тое, што рабіла, нават у большым аб’ёме

Адна з «просьбаў» ГУБАЗіКа палягала ў тым, каб я перастала займацца актывізмам. Я, вядома, у адказ ківала і не казала нічога, таму што з імі было бессэнсоўна што-небудзь абмяркоўваць. Але я ведала дакладна, што, калі я выйду, я буду працягваць рабіць тое, што рабіла, нават у большым аб’ёме, таму што з’явілася шмат новых ідэй, з’явіліся новыя каляжанкі. З сукамерніцамі мы стварылі свой чат, дзе таксама абмяркоўваем нейкія будучыя магчымыя актыўнасці. 

Мы прапанавалі Ціханоўскай увесці пасаду дарадніцы па гендарнай палітыцы

Думаю, што працы ў КР у мяне стане больш, бо я была прынята ў Асноўны склад. І гэта дарэчы таксама цікавая гісторыя, таму што мая кандыдатура была прапанаваная адпачатку, як толькі з’явілася КР. Але мы нават жартавалі з гэтай нагоды, што, пэўна што, для таго каб жанчыне трапіць у Асноўны склад, трэба адседзець у турме. І зноў-такі, я бачыла, што з тых чатырох людзей, якія былі прынятыя, я – адзіная жанчына. І гэта таксама адна з прычын, чаму патрэбна працаваць над тым, каб з’явіўся прынцып гендарнага балансу пры адборы, прыкладам, у КР. 

Шмат мае быць працы і ў фем-групе КР.  Мы прапанавалі ўвесці пасаду дарадніцы па гендарнай палітыцы для Святланы Ціханоўскай і выслалі дакумент, чаму мы лічым гэта важным. У цэлым, палітычнае прасоўванне жанчын, узмацненне іх ролі, магчымасць для іх быць больш уплывовымі – гэта вельмі важна і гэта тое, над чым мы сапраўды будзем працягваць працаваць.

У свой час гісторыя была напісана мужчынамі і выключала з сябе жанчын

Жаночыя гісторыі і іх дакументаванне – важныя, каб потым пра іх не забыцца, як гэта ўжо неаднаразова здаралася ў гісторыі. Прыкладам, мы чуем вельмі шмат мужчынскіх імёнаў у той жа самай польскай Салідарнасці, але, аказваецца, жанчыны там таксама былі на перадавой, а мы сталі даведвацца пра гэта толькі цяпер, таму што іх імёны ў свой час былі забытыя. Тое ж самае было і ў гісторыі Другой сусветнай вайны – і гэта мы ведаем з кнігі Аляксеевіч. У цэлым, гэта вельмі фемінісцкі падыход, менавіта з яго ў свой час пачалося пераасэнсаванне гісторыі чалавецтва, якая некалі таксама была напісана мужчынамі і выключала жанчыну з гэтай гісторыі, хоць яны былі: і пісьменніцы, і скульптары, і навукоўцы, але мы пра іх не ведалі доўгі час.

Плюс гэта такі тэрапеўтычны момант. Прыкладам, мая псіхолаг таксама параіла мне расказваць сваю гісторыю як мага большай колькасці людзей і як мага часцей, таму што тады псіхіка хутчэй пераадольвае траўму.

Нельга проста ўзяць і адзін мужчынскі ўрад памяняць на іншы мужчынскі ўрад

Мы можам сказаць, што пратэст у Беларусі мае жаночы твар. Не толькі таму, што ёсць асобныя жаночыя маршы, але і таму, што большасць удзельнікаў пенсіянерскага марша – гэта ўдзельніцы, гэта жанчыны, сярод студэнцкіх акцый – палова дзяўчын; працоўныя жанчыны, якія пратэстуюць, удзельніцы нядзельных маршаў… 12-га жніўня менавіта жанчыны пераламалі ход пратэстаў, калі было так шмат гвалту, пастроіўшыся ў ланцугі салідарнасці.

Калі сканчаюцца такія драматычныя падзеі і пачынаецца новы перыяд, дапусцім, дэмакратычны, з’яўляецца шмат мужчынаў, якія кажуць “ну, дзякуй вам, дзяўчыны дарагія. Вы былі важнай часткай, а зараз мы будзем руляваць, мы будзем прымаць рашэнні і будзем удзельнічаць у гэтых важных усіх працэсах”.

І вось адна з галоўных заданняў нашай фем-групы – зрабіць так, каб палітычны ўдзел жанчын цяпер і потым працягваў заставацца актыўным, каб павялічвалася палітычная культура жанчын, каб яны разумелі, што увогуле займаюцца цяпер грамадзянскім і палітычным удзелам, таму што шмат хто гэта так не расцэньваюць. 

Давайце паглядзім на тое, што адбываецца цяпер. Я неяк гаварыла са Святланай Ціханоўскай і паказвала ёй на гэта, што ёсць фатаграфія, дзе яна сядзіць у атачэнні дзесяці мужчынаў – яе памочнікаў і дарадцаў. І там няма ніводнай жанчыны. Чаму? Жанчыны, насамрэч, эксперткі ў вельмі розных абласцях і павінны ў гэтым браць удзел, але вельмі часта яны не запрашаюцца, таму што нябачныя. 

Мы ніколі не пабудуем ніякай дэмакратычнай дзяржавы, калі пытанне гендарнай роўнасці і гендарнага мейнстриминга не будзе ўлічанае. Нельга проста ўзяць і памяняць адзін мужчынскі ўрад на іншы. 

Яшчэ навіны

Падзяліцца