Заява Камісіі па сацыяльнай палітыцы: Недапушчальнасць сексуальных дамаганняў і кібергвалту ў беларускай дэмакратычнай супольнасці

Камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады выказвае глыбокую занепакоенасць і рашуча асуджае паводзіны, якія могуць мець прыкметы сексуальных дамаганняў і кібергвалту, і заклікае да прынцыповай рэакцыі на падобныя з’явы ўнутры беларускай дэмакратычнай супольнасці.

Паводле матэрыялу, апублікаванага Еўрарадыё, кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак абвінавачваецца ў неаднаразовай рассылцы непажаданых фотаздымкаў інтымнага характару беларускім актывісткам і праваабаронцам. Публікацыя змяшчае сведчанні шэрагу пацярпелых жанчын, якія апісваюць глыбокі псіхалагічны дыскамфорт, адчуванне парушэння асабістых межаў, страты даверу і бяспекі. Калі факты, выкладзеныя ў расследаванні, знойдуць пацверджанне, гаворка можа ісці пра сістэмную праблему злоўжывання ўладай і статусам унутры грамадзянскай супольнасці.

Такія паводзіны з’яўляюцца абсалютна недапушчальнымі і ўяўляюць сабой форму сексуальных дамаганняў і кібергвалту. Яны груба парушаюць асабістыя межы, падрываюць годнасць і ствараюць варожае асяроддзе, што недапушчальна ў любой супольнасці, а тым больш у беларускім дэмакратычным руху, які імкнецца да пабудовы справядлівага і бяспечнага грамадства.

Мы выказваем салідарнасць і падтрымку ўсім, хто пацярпеў ад падобных паводзін. Публічнае сведчанне ў такой сітуацыі патрабуе вялікай мужнасці, і мы ўдзячныя кожнай, хто вырашыла выказацца, нягледзячы на рызыкі і магчымы ціск. Вашыя пачуцці і досвед важныя, і вы не самотныя. Мы заклікаем усіх, хто сутыкаецца з падобнымі сітуацыямі, звяртацца па падтрымку да праваабаронцаў, псіхолагаў і спецыялізаваных арганізацый.

У гэтай сувязі мы патрабуем:

• Правядзення незалежнай і ўсебаковай праверкі выкладзеных фактаў з боку адпаведных структур дэмакратычнай супольнасці;

• Прыцягнення да адказнасці асоб, паводзіны якіх парушаюць прынцыпы этычнага супрацоўніцтва і бяспекі;

• Распрацоўкі і ўкаранення выразных анты-харасмэнт палітык і механізмаў рэагавання ва ўсіх арганізацыях беларускай грамадзянскай супольнасці — з улікам гендэрнай чуйнасці, абароны і падтрымкі пацярпелых і прадухілення падобных інцыдэнтаў у будучыні.

Мы заклікаем беларускую дэмакратычную супольнасць да адкрытага і адказнага абмеркавання гэтай праблемы. Толькі стварыўшы асяроддзе ўзаемнай павагі, даверу і бяспекі, мы зможам паспяхова будаваць дэмакратычную будучыню, якую мы ўсе імкнемся бачыць для Беларусі.

З павагай,

Камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай рады

Яшчэ навіны

Падзяліцца