11 верасня 2020 года з протаіерэем Уладзімірам Драбышэўскім (Беларуская Праваслаўная Царква), сябром групы «Хрысціянскае бачанне» адбыўся інцыдэнт, які мы разглядаем як незаконны ціск на святара з боку сілавых структур.

Да прыватнай хаты ў г. Гомелі, у якім протаіерэй Уладзімір Драбышэўскі жыве разам са сваёй жонкай і шасцю дзецьмі, пад’ехалі тры чалавекі у цывільным адзенні, якія сцвярджалі, што з’яўляюцца супрацоўнікамі міліцыі і патрабавалі ад прот. Драбышэўскага «выйсці і пагаварыць». Пэўны час праз да хаты на таксі прыбылі двое міліцыянераў у форме супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Адзін з іх, не прадстаўляючыся і не называючы свайго звання, паведаміў, што ад Драбышэўскага В.А. патрабуюцца сведчанні. Неаднаразовыя просьбы назвацца не знаходзілі адказу, невядомы чалавек у форме працягваў свой маналог, выказваючы намер павезці прот. Уладзіміра ў РАУС Савецкага раёна г. Гомеля для складання пратакола па арт. 23.34 за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу 11 верасня 2020 года каля корпуса Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта ім. П.О. Сухога. Пасля дзесяціразовай просьбы назвацца і назваць сваё званне, невядомы чалавек у форме раскрыў сваё службовае пасведчанне, аднак адмовіўся прачытаць сваё імя і званне ўслых.

Прот. Уладзімір паведаміў пецярым міліцыянерам, што ён знаходзіцца дома адзін з пяццю непаўналетнімі дзецьмі і не можа пакінуць іх хаты адных. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў пэўны час настойвалі, аднак пазней паведамілі, што копія пратакола будзе скіравана Драбышэўскаму В.А. па пошце і ён павінен чакаць выкліку ў суд.

Мы выказваем салідарнасць з протаіерэем Уладзімірам Драбышэўскім. Мы заклікаем дзяржаўныя ўлады спыніць ціск на протаіерэя Уладзіміра Драбышэўскага. Мы нагадваем, што права на вольны выраз думак і перакананняў і права на мірныя акцыі гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (ст. 33 і 35 адпаведна), а таксама міжнародна-праўнымі дакументамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь (ст. 19 і ст. 21 адпаведна).

#rada_vision
#хрысціянская_візія

Яшчэ навіны

Падзяліцца