«Кожнае звальненне медыка, асабліва ў перыяд пандэміі COVID-19, істотна павялічвае нагрузку на астатніх супрацоўнікаў і заканамерна прыводзіць да пагаршэння якасці аддаванай медыцынскай дапамогі». 

 Сябра Каардынацыйнай рады, урач Мікіта Салавей пракаментаваў рэпрэсіі над калегамі:

 –  У наш час у Беларусі працягваецца сістэматычнае звальненне лекараў за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю, нежаданне мірыцца з гвалтам, прававым бязмежжам, хлуснёй і дэградацыяй сістэмы аховы здароўя. Толькі за апошні тыдзень звольнены Руслан Бадамшын, Алена Баранава, Наталля Любецкая, Ірына Беньковская і яшчэ некалькі калегаў, не гатовых пакуль казаць пра гэта. Усе гэтыя ўрачы – спецыялісты са шматгадовым практычным досведам і клінічнымі ведамі, атрымаць якія немагчыма, толькі скончыўшы медычны ўніверсітэт, бо на гэта ідуць гады несупыннай працы і навучання. Паводле заяў Мінпрацы, у Беларусі 6000 вакансій медычных працаўнікоў. І гэта пры велічэзным каэфіцыенце сумяшчальніцтва, што дасягае часам 1,75.

Службоўцы Міністэрства аховы здароўя, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама і кіраўнікі асобных устаноў даўно і беззваротна страцілі павагу і давер многіх  медычных працаўнікоў за іх беспярэчную  гатовасць рэпрэсаваць непажаданых медыкаў, нягледзячы на вал цяжкіх пацыентаў ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Працяг згубнай тактыкі рэпрэсій і спроба замяніць ёю дыялог, у тым ліку з медыцынскай супольнасцю, прывядзе толькі да далейшага адтоку высокакваліфікаваных кадраў і канчатковай дэградацыі сістэмы аховы здароўя, пачатак якой мы ўжо на ўсю моц бачым сёння.

Яшчэ навіны

Падзяліцца