ЗАЯВА ФРАКЦЫІ «МОЛАДЗЕВЫ НАСТУП»
З нагоды рашэння Каардынацыйнай Рады аб правядзенні слуханняў па дзейнасці Фонду міжнароднай гуманітарнай дапамогі
4 жніўня 2025 года
Мы, прадстаўнікі і прадстаўніцы фракцыі Каардынацыйнай Рады «Моладзевы Наступ», лічым неабходным зрабіць публічную заяву ў сувязі з ціскам, які ўзнік у дачыненні да працоўнай групы, сфарміраванай для падрыхтоўкі адкрытых слуханняў па дзейнасці Фонду міжнароднай гуманітарнай дапамогі, а таксама ў дачыненні cакратарыяту Каардынацыйнай Рады.
12 ліпеня 2025 года Каардынацыйная Рада агульным складам прыняла рашэнне аб правядзенні адкрытых слуханняў па дзейнасці Фонду, які быў ініцыяваны падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Нарвегію ў красавіку 2024 года, і пазней прэзентаваны як сумесная ініцыятыва дэмакратычных сіл на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9 жніўня 2024 года.
Падставай для правядзення слуханняў з’явілася інфармацыя аб выключэнні з працы фонду арганізацыі ByHelp. Пасля прыняцця рашэння таксама з’явілася інфармацыя аб прыпыненні супрацоўніцтва з арганізацыяй BySol.
У выніку гэтага рашэння была сфарміраваная незалежная працоўная група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі і прадстаўніцы чатырох фракцый Каардынацыйнай Рады. Сакратарыят Каардынацыйнай Рады па запыту кіраўніцы працоўнай групы (Лізаветы Пракопчык) даслаў інфармацыйныя лісты краінам, якія фінансуюць гэты праект, донарам, і аператару праекта Нарвежскаму Хельсінкскаму камітэту, а таксама беларускім імплементарам праекта.
Аднак пасля адпраўкі лістоў на сяброў працоўнай групы і Сакратарыят быў здзейснены беспрэцэдэнтны ціск з боку сяброў фракцыі «Воля» — Аляксандра Кабанава і Аляксандра Клачко. Імі былі выказаны абвінавачанні ў «неправамоцных дзеяннях», а таксама пастаўлены пад сумнеў сам факт камунікацыі з донарамі. Акрамя таго, Аляксандра Мамаева, сябра фракцыі «Еўрапейскі выбар», кіраўніца міжнароднай камісіі запатрабавала поўны спіс арганізацый і асобаў, якім былі дасланы лісты, спасылаючыся, на то, што некія “трэція асобы” запытваюць гэтую інфармацыю. Назваць, хто і на якой падставе запытвае ўнутраную інфармацыю Каардынацыйнай Рады, яна адмовілася.
Мы падкрэсліваем, што працоўная група не падпарадкоўваецца камісіям КР і дзейнічае ў межах мандата, прадстаўленага агульным складам Каардынацыйнай Рады. Такі ціск з боку асобных сяброў Рады мы разглядаем як спробу сабатажу слуханняў і, магчыма, канфлікт інтарэсаў, які тычыцца дзейнасці самога Фонду міжнароднай гуманітарнай дапамогі і пэўных сяброў Каардынацыйнай Рады.
Грамадскія слуханні маюць адкрыты характар і накіраваны на падвышэнне празрыстасці і прадухіленне рэпутацыйных рызыкі для ўсіх дэмакратычных сілаў. Спробы дыскрэдытаваць працу працоўнай групы, паставіць пад сумнеў яе мандат або заблакаваць камунікацыю з міністэрствамі замежных справаў краін удзельнікаў праекта ці донарамі, мы разглядаем як спробу сабатажу і магчымую спробу схаваць факты, што могуць быць выкрыты падчас слуханняў.
Таксама нагадваем, што згодна с п. 4.1.8 Статута Каардынацыйнай Рады “Стварэнне і накіраванне лістоў і запытаў на афіцыйным бланку Каардынацыйнай рады Беларусі з’яўляецца правам кіроўных органаў КР, Сакратарыяту, а таксама камісій у межах мандату”.
Мы і далей будзем інфармаваць грамадскасць пра ход падрыхтоўкі да слуханняў і развіцці сітуацыі.