ЗАЯВА ФРАКЦЫІ КААРДЫНАЦЫЙНАЙ РАДЫ «БЕЛАРУСЫ» У СУВЯЗІ З ІНФАРМАЦЫЯЙ АБ ЭМАЦЫЙНЫМ ГВАЛЦЕ З БОКУ КІРАЎНІКА ГРАМАДЗЯНСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ
Беларускую грамадскасць ускалыхнула нядаўнія паведамленні пра неэтычныя паводзіны кіраўніка фонда «Байсол» Андрэя Стрыжака, які дасылаў жанчынам выявы інтымнага характару без іх згоды.
Гэтыя дзеянні, здзейсненыя па-за межамі асабістых адносін і насуперак выразным просьбам спыніць камунікацыю, маюць прыкметы сэксуалізаванага і эмацыйнага гвалту.
Фракцыя Каардынацыйнай Рады «Беларусы» выказвае падтрымку жанчынам, якія сутыкнуліся з такім зневажаннем асабістай прасторы і чалавечай годнасці. Падобныя паводзіны ставяць людзей ва ўразлівае становішча, у тым ліку праз магчымую іерархічную залежнасць, і могуць выклікаць адчуванне патэнцыйнай фізічнай небяспекі.
Гэта асабліва недапушчальна ў сацыяльных сферах дзейнасці, дзе працуюць з асобамі, якія зазналі гвалт у розных яго формах, і, ў прыватнасці, з такімі ўразлівымі мэтавымі групамі, як палітвзняволеныя і іх сем’і.
Гвалт у любой форме не павінен нармалізоўвацца. Яго замоўкванне, ігнараванне ці талераванне прыводзяць да бяскарнасці і адчування ўседазволенасці. Эфект ад яго тым большы, чым вышэйшы сацыяльна-палітычны статус дзеяча, а рэакцыя грамадства на гэтыя падзеі становіцца маркерам яго здароўя і сталасці.
У выпадку лідараў публічнай думкі і кіраўнікоў буйных грамадска-палітычных аб’яднанняў падобныя дзеянні значна выходзяць за межы міжасабовых стасункаў – яны выклікаюць пытанні да прынцыпаў кіравання арганізацыяй, падрываюць давер да яе празрыстасці і бяспекі для тых, каму яна заклікана дапамагаць. Зрэшчы, раскатваюцца доўгім рэхам праз усе партнэрскія і афіліяваныя ініцыятывы.
Пытанне канкрэтнай асобы, якой бы ні была прававая і маральна-этычная ацэнка яе дзеянняў, – другаснае ў выпадку, калі ў грамадстве ёсць кансэнсус стасоўна павагі да чалавечай годнасці, недапушчальнасці харасмэнту і сэксуалізаванага пераследу.
У такіх варунках, перафразоўваючы спадара Стрыжака, кіраўцтва змяняецца, а ўстойлівыя дэмакратычныя інстытуты застаюцца.
Для ўзмацнення інстытута рэпутацыі важна, каб на падобныя выпадкі была выразная, абдуманая і прынцыповая рэакцыя – не для расправы, але дзеля празрыстасці працы ўстановаў, справядлівасці і прафілактыкі злоўжыванняў у будучыні.
Мы падкрэсліваем, што фонд «Байсол» і афіліяваны “Міжнародны гуманітарны фонд” застаюцца важнымі элементамі беларускай дэмакратычнай інфраструктуры, і вітаем іх рашэнне пра прыпыненне паўнаважанняў Андрэя Стрыжака да заканчэння ўнутранага расследавання.
Важна памятаць, што эфектыўнае і этычнае кіраванне патрабуе гатоўнасці да самакрытыкі, адказнасці і інстытуцыйнага росту.
Мы спадзяемся, што калектыў праявіць волю да ажыццяўлення перамен і выхаду з крызісу.