17 снежня Міністэрства фінансаў апублікавала праект бюджэту краіны на 2021 год. Бюджэт запланаваны з дэфіцытам 4 млрд. рублёў. У 2020 годзе бюджэт быў сфармаваны з дэфіцытам меней за мільярд рублёў. Новы бюджэт прадугледжвае, што сумарныя выдаткі на органы ўнутраных спраў, судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі складуць 3.95 мільярда рублёў — гэта больш, чым выдаткі на адукацыю (1.3 млрд), ахову здароўя (1,67 млрд) ці культуру (142 млн).

«Апублікаваны праект бюджэту — гэта прызнанне ўладамі няпазбежнасці пагаршэння эканамічнага асяроддзя і іх няздольнасці гэтаму супрацьстаяць, — каментуе эканамічная група Каардынацыйнай Рады. — Першае, што кідаецца ў вочы ў апублікаваным праекце рэспубліканскага бюджэту, — гэта зніжэнне яго прыбыткаў, прытым нават у намінальным выразе. Удакладнены план рэспубліканскага бюджэту на 2020 г. дапускае, што ў скарб паступіць каля 25.5 млрд рублёў прыбыткаў, тады як у 2021 г. агульны аб’ём паступленняў Мінфін ацэньвае толькі ў 23.3 млрд рублёў.

Зніжэнне прыбыткаў у намінальным выразе азначае, што ў рэальным (то бок з папраўкай на інфляцыю) зніжэнне будзе яшчэ больш адчувальным. То бок, калі нават у 2021 г. бюджэтныя прыбыткі і інфляцыя апынуцца блізкімі да запланаваных уладамі значэнняў (што само па сабе сумнеўна на фоне шырокага пераліку актуальных пагроз эканоміцы), то ў рэальным выразе прыбыткі рэспубліканскага бюджэту скароцяцца прыкладна на 14%.

Сітуацыя, што склалася ў краіне,  з’яўляецца балючым шокам для Беларусі, які будзе паступова трансфармавацца ў новую нармальнасць. У папярэднія гады база прыбыткаў у рэальным выразе была досыць стабільнай. Гэта дазваляла фіскальным органам працаваць у камфортным рэжыме: забяспечваць патрэбнае фінансаванне выдаткаў і захоўваць некаторую волю манеўру ў кіраванні дзярждоўгам.

Пры нястачы прыбыткаў уладам даводзіцца выбіраць: або прапарцыянальна падразаць выдаткі, або нарошчваць дэфіцыт. Актыўна падразаць выдаткі азначае ўзмацніць палітычную і сацыяльную напружанасць у краіне, тады як нарошчванне дэфіцыту спалучана з новымі рызыкамі фінансавай і макраэканамічнай стабільнасці.

Закладзенае ў бюджэт 2021 года рашэнне — гэта такі нягеглы кампраміс паміж гэтымі двума шляхамі. Шэраг выдаткаў сапраўды падразаецца (асабліва пры ацэнцы ў рэальным выразе), а дэфіцыт нарошчваецца, але ва ўмераным маштабе, з надзеяй прафінансаваць яго вялікую частку за кошт запасаў мінулых гадоў. Нават у рамках такога немудрагелістага рашэння ёсць значныя выключэнні. Прыкладам, прыкладна на 20% у намінальным выразе ў параўнанні з 2020 г. запланавана нарасціць выдаткі на праваахоўную дзейнасць, забеспячэнне бяспекі і судовую ўладу. Чаму гэта так, пытанне, пэўна што, рытарычнае. Напэўна, гэта сфера нечым асаблівая і важная гэтак, што атрымала ахоўную грамату, у тым ліку і ад эканамічнай бязладзіцы, з якімі сутыкаецца краіна.

Нават нягеглы кампраміс 2021 у дачыненні новай дылемы бюджэтнай палітыкі практычна не мае шанцаў стаць сістэмным адказам на ўзнікшыя выклікі. У самым лепшым выпадку такое рашэнне можа толькі даць некаторую перадышку. Прасяданне бюджэтных прыбыткаў бачыцца новай устойлівай тэндэнцыяй.

Першапрычына чаканага зніжэння бюджэтных прыбыткаў у 2021 годзе — бягучая слабасць эканомікі і адсутнасць перспектыў яе развіцця ва ўмовах палітычнага крызісу. Таму без вырашэння палітычнага крызісу надзеі на фіскальную і агульнаэканамічную нармалізацыю будуць заставацца дарэмнымі. Такім чынам, фіскальныя органы будуць змушаны выбіраць паміж усё меней прыемнымі опцыямі.

Пытанне пра тое, як распарадзіцца спусташаючыміся цэнтралізаванымі рэсурсамі — размеркаваць іх пераважна на карысць нешматлікіх абраных (і мы разумеем, хто будзе гэтымі абранымі), пайсці на тое, каб усе бяднелі ў роўнай ступені ці ж, нарэшце, паставіць усю эканоміку на мяжу фінансавай катастрофы — будзе заставацца першасным на парадку дня. Фокус на развіцці і сацыяльнай справядлівасці стане для фіскальнай палітыкі недасяжнай раскошай».

Яшчэ навіны

Падзяліцца