Паважаныя беларусы!

Мы стаім на парозе важнай падзеі ў гісторыі нашай краіны — першых дэмакратычных выбараў у Каардынацыйную Раду, ключавога органа, які будзе прадстаўляць інтарэсы нашага народа і накіроўваць працэсы пераменаў да лепшай будучыні. Гэтыя выбары — не проста працэдура, гэта наш шанец на рэальныя змены.

Мы заклікаем СМІ надаць максімальную ўвагу выбарчай кампаніі, асвятляць кожны яе этап, каб кожны грамадзянін мог зрабіць свядомы выбар. Публічнае асвятленне — падмурак празрыстасці і справядлівасці выбараў.

У гэты важны момант мы звяртаемся да Святланы Ціханоўскай і да ўсіх цэнтраў дэмакратычных сіл з заклікам актыўна і публічна падтрымліваць працэс выбараў. Ваш голас можа ўзмацніць веру людзей у важнасць іх удзелу, у магчымасць праз выбары выказаць і абараніць свае правы і свабоды.

Кожны голас на выбарах у Каардынацыйную Раду мае вялікае значэнне. Не змарнуйце свой шанец зрабіць унёсак у будучыню Беларусі, дзе правы кожнага паважаюцца, і кожнае меркаванне важнае. Мы заклікаем усіх грамадзян узяць удзел у выбарах, незалежна ад вашага месца жыхарства ці палітычных перакананняў.

Мы, прадстаўнікі розных выбарчых блокаў, стаім побач у закліку да актыўнасці. Наша агульная мэта — незалежная, дэмакратычная і справядлівая Беларусь. Давайце разам скарыстаем гэты шанец змяніць нашу краіну да лепшага.

Разам мы можам усё. Разам мы вызначаем будучыню Беларусі.

З павагай,
Прадстаўнікі выбарчых спісаў: Воля; Наша Справа; Незалежныя беларусы; Закон і Правапарадак; Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі; Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду»; Краіна для жыцця.

Аляксандр Азараў, Сяргей Бяспалаў, Юрый Губарэвіч, Аляксандр Кабанаў, Раман Кісляк, Аляксандр Клачко, Павал Латушка, Станіслаў Лупаносаў, Надзея Нортан, Віталь Рымашэўскі, Віталій Савюк, Роза Турарбекава, Максім Шабуцкі

Яшчэ навіны

Падзяліцца